Ларыса Геніюш. Партызаны
Jul. 6th, 2009 01:27 am( + + + )
Жаль народны наш не знае меры,
не злічыць апаленых касцей.
Партызаны горшыя, як зверы —
звер так ворагу не кідае дзяцей,
а пакуль ёсць кіпцюры і зубы,
засланяе ён малых сабой,
не бяжыць ў сасоннік ад згубы,
а ў няроўны кідаецца бой!
Нават птушка кволая і тая
люта скача злыдням да вачэй,
ў горы птушанят не пакідае,
лепей згіне за сваіх дзяцей.
Ну а вы, "героі"-партызаны,
Колькі нас вы кінулі на смерць,
аддалі бязлітасна і танна
на варожых вогнішчах гарэць?
Хваліцеся, колькі вы забілі,
ці праз вас загінула дарма,
а каго вы з нас абаранілі?
Гэткіх на уліку ў вас няма!
………………………………………
У людзей ёсць нейкае сумленне,
быў і ёсць закон адвечны, боскі.
Рэйкі — ды гары яны агменем,
каб за іх палілі нашы вёскі!
Гдзе былі вы, як народ гурбою
клалі у магілы, як пласты,
вы ж адныя толькі мелі зброю
і са зброяй шпарылі ў кусты!
То праз вас мы гінулі дарма
ў полыме нямецкім і на фронце.
Ля Масквы сёл спаленых няма, —
каб з людзьмі, з дзяцьмі без абаронцаў!
Йшлі інструкцыі ў адным напрамку,
палымнела Беларусь адна.
А чаму ж не падымалі партызанкі
на Каўкзе ці каля Арла?
………………………………………
Калі глянеш — кроў у жылах стыне.
Сэрца нам за Арадур баліць,
хто ж палічыць нашы ўсе Хатыні?!
Сотнямі Хатыняў не злічыць!
Аднаго забілі часам гада
і, забіўшы, зайцамі ўцяклі.
А за гада сотні леглі радам
безбаронных жыхароў зямлі.
І няўцям да сяння той Мазанік,
як лілася ў Менску наша кроў —
не, не партызан, не партызанак,
а ў мучэннях выжыўшых сыноў.
Калі судзіш ворага на згубу,
першым чынам засланяй сваіх.
Эх, Мазанік, за аднога Кубэ —
колькі нашых браццяў нежывых!
Ці яны ўначы табе не сняцца,
тысячу замучаных не жаль?
Што табе, Мазанік, нашы брацця,
для цябе ж галоўнае — медаль…
………………………………………
Край мой любы, жытні і курганны,
на няласцы нелюдзяў чужых,
і калі мне скажуць: партызаны,
жудасна мне робіцца ад іх.